Пра іешыву

Духоўнае жыццё мястэчка Валожын з пачатку XIX стагоддзя вызначалася функцыянаваннем іешывы, якую заснаваў у 1803 годзе Хаім бен Іцхак (Хаім Валожынер).

Ешыбот (іешыва) – гэта іудзейская вышэйшая рэлігійная навучальная ўстанова, прызначаная для вывучэння Торы і Талмуда, падрыхтоўкі навукоўцаў да звання рабінаў.

На тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, у склад якога ўваходзіла і сучасная Беларусь, Валожынская, Мірская і Цельшэўская (Літва) іешывы лічыліся цэнтрам талмудычнай навукі. Першай з пералічаных з'явілася Валожынская.

Шэраг яўрэйскіх рэлігійных навучальных устаноў падобнага тыпу існуюць да нашага часу ў Ізраілі, Амерыцы і Расіі.

Рабі Хаім бен Іцхак Валожынскі (1749–1821) лічыўся лепшым вучнем Віленскага Гаона (духоўнага лідэра) – Эліяху бен Шлома Залмана.

Пасля смерці настаўніка ў 1797 годзе, рабі Хаім стаў агульнапрызнаным духоўным лідэрам літоўскага яўрэйства. Ён палічыў сваім абавязкам прадоўжыць справу вялікага настаўніка: дапамагчы маладым людзям вывучаць Тору.

У 1803 годзе Хаім аб'явіў аб стварэнні іешывы ў Валожыне. Гэтую ідэю падтрымаў уладальнік мястэчка Валожын граф Юзэф Тышкевіч. Ён бясплатна вылучыў месца пад будаўніцтва ешыбота і аказаў фінансавую дапамогу.

Па сведчанні самога рабіна Хаіма, ён «стварыў сваю іешыву для сына Іцхака, каб выгадаваць і выхаваць яго ў найбольш спрыяльнай атмасферы спазнання Торы». Дзеля сына рабі Хаім і ўзяўся вучыць яшчэ некалькіх таленавітых юнакоў.

Першапачаткова будынак іешывы быў невялікі па памерах, і тут навучалася толькі 10 мясцовых габрэйскіх юнакоў. Паступова колькасць вучняў іешывы стала павялічвацца. Маладыя людзі прыбывалі ў Валожын з усіх канцоў Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі.

У 1806 годзе на ахвяраванні членаў яўрэйскіх абшчын быў пабудаваны новы будынак, у якім былі адведзены месцы пад сталовую і для начнога адпачынку студэнтаў.

Кіраўнік Валожынскай іешывы лічыўся самым аўтарытэтным законанастаўнікам яўрэйскага свету. Да яго звярталіся прадстаўнікі з другіх абшчын з просьбай вырашыць спрэчныя пытанні.

Прыкладам глыбокай павагі да рабі Хайма служыць наступны факт. У 1813 годзе з канцылярыі ваеннага губернатара яму была выдадзена ахоўная грамата аб тым, што ваенныя людзі ўсіх рангаў павінны ахоўваць школу Хаіма і яго студэнтаў.

Хайм Валожынер падтрымліваў сувязь з Радай яўрэйскіх прадстаўнікоў, створанай у Санкт-Пецярбургу. Ні адно сур'ёзнае рашэнне Рады не прымалася без удзелу Хаіма

У 1818 годзе рабі Хаім прыехаў у Санкт-Пецярбург, каб праз яўрэйскіх прадстаўнікоў перашкодзіць ураду прыняць рашэнне па абмежаванню праў яўрэйскага насельніцтва

У апошнія гады свайго жыцця рабі Хаім перадаў выкладанне ў іешыве свайму сыну рабі Іцхаку. Колькасць вучняў у гэты час дасягнула больш за 100 чалавек. З 1821 года рабі Іцхак стаў другім кіраўніком Валожынскай іешывы, а праз некаторы час агульнапрызнаным духоўным лідэрам не толькі літоўскіх яўрэяў, але і ўсіх яўрэяў Расійскай імперыі.

У 1843 г. Іцхак прыбыў у Санкт-Пецярбург, дзе выступіў супраць рашэння ўрада Расійскай імперыі аб рэфармаванні сістэмы яўрэйскай адукацыі. Яму ўдалося адстаяць існаванне сваёй установы без зменаў навучальнага плана. За час яго кіравання колькасць студэнтаў павялічылася ў два разы і склала 200 чалавек.

У 1849 годзе ітешыву ўзначаліў Эліэзэр Іцхак Фрыд, а з 1852 года – рабі Нафталі Берлін і рабі Ёсэф Бер Салавейчык. Аднак, у іх былі розныя падыходы да выкладання Торы і Талмуда.

Для ўрэгулявання супярэчнасцяў у Валожын прыбыла дэлегацыя вядомых літоўскіх рабінаў, якія прызначылі кіраўніком ешыбота Нафталі Берліна, а р. Ёсэфа яго намеснікам.

Рабі Берлін кіраваў іешывай з 1854 па 1892 год. Дзякуючы яго мудрасці і прадпрымальнасці, аўтарытэт ешыбота значна ўзрос. У 1885 годзе гадавы бюджэт ешыбота склаў 16 675 рублёў срэбрам. У канцы 1870-х гадоў тут навучалася каля 300 студэнтаў, а ў канцы 1880-х гадоў - больш за 400. Высокая рэпутацыя іешывы прыцягвала маладых яўрэяў з іншых краін - Англіі, Германіі, Аўстрыі і Паўночнай Амерыкі.

У кнізе «Яўрэйская энцыклапедыя: збор ведаў аб яўрэйстве і яго культуры ў мінулым і сучаснасці ў 16 тамах», выдадзенай у Санкт-Пецярбургу ў 1908 – 1913 гадах ёсць падрабязнае апісанне распарадку дня студэнтаў іешывы, паводле якога маладыя людзі павінны былі займацца больш за 14 гадзін у суткі. Але цяжкасці і бытавыя нязручнасці не палохалі вучняў.

Тут вучыліся студэнты, якія ў будучым сталі вядомымі людзьмі з сусветным імем. Сярод іх: Шмуэль Магілевер – заснавальнік рэлігійнага цячэння ў сіянісцкім руху; Элізер Бэн Іегуда - піянер адраджэння іўрыта, Шымон Гіманштэйн - ізраільскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч; Бенцыён Дынур - вядомы гісторык, Вульф Высоцкі - вядомы прадпрымальнік і мецэнат Расійскай імперыі. 37 выпускнікоў Валожынскай іешывы атрымалі вышэйшую ступень рабіна. Сярод іх - Іцхак бен Хаім Валожынер, Абрагам Іцхак Кук, Бар-Ілан Мэір, Ёсэф Бэр Салавейчык, Машэ Салавейчык, Хаім Берлін, Шмуэль Салант і інш.

У 1891 г. рускі міністр народнай асветы зацвердзіў «Правілы аб Валожынскім ешыбоце». З гэтага часу студэнты павінны былі вывучаць не толькі Талмуд, але і рускую мову, арыфметыку ў аб'ёме курса яўрэйскіх народных вучылішчаў. Кіраўнік іешывы Нафталі Берлін не пагадзіўся з гэтым. Таму, у 1892 годзе ўлады аб'явілі аб закрыцці іешывы. Рабі Берлін і навучэнцы ешыбота былі высланы з Валожына.

У 1895 годзе ўрад дазволіў выкарыстоўваць будынак іешывы для малітвы, а праз некаторы час заняткі ў ешыбоце зноў аднавіліся. У 1899 годзе кіраўніком іешывы стаў рабі Рафаэль Шапіра.

Падчас Першай сусветнай вайны ўстанова была зачынена і толькі ў 1921 годзе аднавіла сваю дзейнасць. Узначаліў ешыбот рабі Якаў Шапіра. Апошнім кіраўніком установы стаў рабі Хаім Вулкін. Падчас фашысцкай акупацыі 64 студэнты і кіраўнік ешывы былі расстраляныя гітлераўцамі.

Пасля вайны будынак іешывы быў моцна пашкоджаны - уцалелі толькі сцены. З часам будынак быў адноўлены. У ім размяшчаліся у розныя часы – сталовая, рэстаран, кулінарыя і цэх грамадскага харчавання.

У 2000 годзе будынак быў перададзены Іўдзейскаму рэлігійнаму аб'яднанню ў Рэспубліцы Беларусь. Цяпер яго ўласнікам з'яўляецца Валожынскі раённы выканаўчы камітэт. Будынак былой валожынскай іешывы ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Цяпер іешыва ў Валожыне з'яўляецца аб'ектам рэлігійнага і пазнавальнага турызму ў Беларусі, уваходзіць у экскурсійныя туры, туры выхаднога дня, а таксама з'яўляецца аб'ектам паломніцтва яўрэяў свету.

«Валожын гэта габрэйскі Оксфард…» – сказаў старшыня Рады беларускіх габрэйскіх суполак Алег Рагатнікаў на міжнароднай анлайн-прэс-канферэнцыі «Валожынская іешыва ў сусветнай габрэйскай адукацыі і сусветнай культуры» ў Валожыне ў чэрвені 2023 года.