Багданава

Маёнтак Багданава

Маёнтак Багданава быў заснаваны ў XVI стагоддзі. Сваю назву ён атрымаў дзякуючы Богдану Сапегу, які прыдбаў гэты населены пункт. У 1839 годзе маёнтак купіў Фердынанд Рушчыц, які даводзіўся дзедам сусветнавядомаму мастаку Фердынанду Рушчыцу.

Маёнтак размешчаны ў вельмі маляўнічым месцы. Нездарма мастак Ф. Рушчыц самазабыўна маляваў краявіды родных месцаў, услаўляючы іх на сваіх палотнах. Менавіта тут ён стварыў сваю самую знакавую карціну «Зямля» (1898). На творчым уздыме аўтарам ствараюцца ў Багданаве і іншыя значныя творы: «Млын» (1898), «Крэва» (1898), «Апошні снег» (1898-1899), «Ля касцёла» (1899), «Балада» (18991900), «Дажынкі» (1900), «Вечар - Вілейка» (1900), «З берагоў Вілейкі» (1900), «Лясны ручай» (1900), «Пустка» (1901), «У свет» (1901), «Воблака» (1901), «Эмігранты» (1902), «Мінулае» (1902), «Старая хата» (1903), «Зімовая казка» (1904), у якіх «сімвалізм арганічна спалучаецца з экспрэсіянізмам на выяўна натуральнай глебе». Пад уражаннем ад родных краявідаў ён у 1898 годзе пісаў: «Мы видим красоту других стран, восхищаемся ими... но любим только свою, чувствуем, что она принадлежит нам, а мы ей».

Вучань І. Шышкіна і А. Куінджы - мастак віртуозна валодаў пэндзлем: ён здольны быў перадаць у сваіх карцінах і рамантычнае і лірычнае і драматычнае. Мабыць, першым з беларускіх жывапісцаў Рушчыц змог у сваіх творах не толькі адлюстраваць прыгажосць роднай прыроды, але і раскрыць праз яе штодзённае жыццё свайго народа. Яго творам уласцівыя тонкае спалучэнне колеру і дакладная кампазіцыйная завершанасць. Дзе б ні быў мастак, ён заўсёды вяртаўся ў сваю родную сядзібу. Менавіта тут, у Багданава, калі любаваўся прыгожымі выглядамі роднага краю, ён знаходзіў сілу і натхненне для сваёй працы.

Мастацкія здольнасці Ф.Рушчыца высока ацаніў І.Рэпін.

Карціны Ф.Рушчыца ў свой час набылі Сава Марозаў і Павел Траццякоў. У фондах Траццякоўскай галерэі знаходзіцца карціна мастака «Вясна». Імя Фердынанда Рушчыца стаіць побач з сусветнавядомымі рускімі жывапісцамі.

Памёр мастак у 1936 годзе ў Багданава, пахаваны тут жа на сямейных могілках.