Царква Канстанціна і Алены

Гісторыя

Царква - помнік драўлянага дойлідства і знаходзіцца ва ўсходняй частцы сучаснага Валожына. Будынак пабудаваны з дрэва і выдатна захаваўся. Яна практычна ніколі не зачынялася за ўвесь час свайго існавання. Царква святых Канстанціна і Алены была пабудавана ў 1866 г. у рэтраспектыўна-рускім стылі (сінадаідальны кірунак). Царква крыжападобная ў плане са званіцай. Цэнтральны зруб завершаны шатром на высокім васьмікантовым барабане. Званіца двух'ярусная, шатровая, прыбудавана з боку галоўнага фасада. Ніжні ярус званіцы (бабінец) з'яднаны з асноўным аб'ёмам агульным карнізам. Беларускі краявед Уладзіслаў Сыракомля апавядаючы пра будынак храма ў нарысе “Валожын – мястэчка ў Ашмянскім уездзе” піша, што ў аснову плана царквы пакладзены лацінскі крыж, характэрны для архітэктуры Беларусі барока XVI- XVIII ст.

Храм быў асвечаны 18 ліпеня 1866 г. у гонар святых раўнаапостальных Канстанціна і Алены.

Пры царкве была адчынена багадзельня, у якой на ахвяраванні вернікаў утрымваліся нямоглыя і хворыя людзі. Некалькі гадоў пасля, у 1883 годзе, у сценах багадзельні была адкрыта царкоўна-прыходская школа. На званіцы, што знаходзіцца ў франтальнай частцы царкоўнага будынка, – 5 званоў вагой ад 25 да 380 кг.

У 1876 г. будынак храма быў адрамантаваны, пасля чаго пачаўся збор ахвяраванняў на ўпрыгожанне храма. У 1886 г. на сабраныя грошы ўся ўнутраная частка храма была абабіта дошкамі і пафарбавана. На столі над алтаром быў зроблены роспіс у выглядзе галуба ў ззянні, які сімвалізавуе Святога Духа. Пад купалам іканапісец намаляваў Нерукатворную выяву Спаса з двума анёламі.

Іканастас у храме двух'ярусны: на першым ярусе змешчаны чатыры абразы, на другім – шэсць. Абгароджаная каменным плотам, царква, як быццам, узвышаецца над горадам і выдатна ўпісваецца ў гарадскую архітэктуру.