Гісторыя вёскі

Гісторыя

Мястэчкам (мястэчка – польск., штэтл – ідыш) называлі населены пункт паўгарадскога тыпу. Звычайна ў мястэчка мясцовы феадал запрашаў габрэяў на працу для эканамічнага развіцця гэтага пункта. Габрэі сяліліся ў цэнтры мястэчка, паблізу рынкавай плошчы, будуючы каля яе свае крамы. Недалёка будавалася сінагога (малітоўны дом), хедар (габрэйская рэлігійная школа). Усе гэтыя асаблівасці былі ўласцівыя і мястэчку Вішнева.

Кожны тыдзень тут праводзілі таргі, а два разы на год – вялікія кірмашы. Акрамя крамаў і рамесніцкіх майстэрняў, існавалі даволі буйныя прадпрыемствы – млын Рудзенскага, дзве гасцініцы – Падбярэзкага і Левіна, два рэстараны – Твартнейскага і Рабіновіча, тры піўных, тры пякарні, аптэка Побаля, лякарня доктара Падзельвера, паштова-тэлеграфны пункт.

Мясцовым цудам шмат стагоддзяў таму стала з'ява абраза Маці Божай на вішнёвым дрэве. Можна выказаць здагадку, што адгэтуль і пайшла назва мястэчка. Па легендзе, пень вішні, дзе з'явілася святое аблічча, знаходзіцца пад падмуркам мясцовага храма і яго абмываюць гаючыя крынічныя воды.

Заснавальнікамі «селішча Вішнева пад Гальшанамі» лічацца аселыя на краі пушчы саюзнікі Вітаўта, яго наёмныя дружыннікі – татары. Пад канец 14 – пачатак 15 стагоддзя Вішнева ўваходзіла ў склад Крэўскага, а потым Гальшанскага ўдзельных княстваў. З 1600 года на працягу амаль трох стагоддзяў яно ўваходзіла ў склад уладанняў уплывовых магнатаў Храптовічаў. Вялікі ўклад у развіццё мястэчка ўнёс Іахім Літавор Храптовіч (1729-1812) - апошні канцлер Вялікага княства Літоўскага, рэфарматар, інтэлектуал, бібліяфіл, мецэнат.

Пры ім у другой палове 18 стагоддзя ў Вішневе з'явіліся шкляны і ганчарны заводы, бровар, тэкстыльная фабрыка. З 1778 года пачаў дзейнічаць металургічны завод з печчу для выплаўкі чугуну, а таксама трыма печамі для перапрацоўкі чугуну ў жалеза. Ужо ў першыя гады існавання гэтага прадпрыемства тут штотыдзень выраблялася да 10 тон жалеза. На заводзе асвоілі выпуск сельскагаспадарчых вырабаў і чугунных агароджаў. Паступова завод ператварыўся ў самае буйное ў Вішневе прамысловае прадпрыемства, на якім працавала да ста чалавек.