Гісторыя горада

Гісторыя

Івянец знаходзіцца на ўскрайку Налібоцкай пушчы, на берагах хуткай і чыстай рачулкі Волмы. Крутыя абрывістыя берагі Волмы зараслі вербамі – гэтак і напрошваецца асацыяцыя з назвай мястэчка. Жыхары Івянца на гэты конт расказваюць такую легенду: «Ехала па мосце праз Волму князёўна. Карэта завязнула на трухлявым мосце і нахілілася. Князёўна выпусціла ў ваду карону. Яна з шкадаваннем выгукнула слова «Вянец!». Магчыма,па той прычыне мястэчка на Волме клічуць– Івянец.

Мястэчка ўпершыню згадваецца ў 1522 годзе. Вядомы беларускі белетрыст пачатку XX ст. Ядвігін Ш. назваў Івянец «старасвецкім мястэчкам». Пад канец XVI стагоддзя тут пасяліліся габрэі. Яны займаліся рамёствамі і гандлем. Тутэйшым лічыў сябе заснавальнік руху «Агудат Ісраэль» Іцхак ха Леві. У Івянцы ён жыў у маладосці. Вучыўся ў Валожынскай ешыве.

У 1886 годзе ў Івянцы налічваліся дзве габрэйскія школы, багадзельня, 17 ганчарных майстэрняў, млын, заезны дом, 35 крам, броварны, вінакурны і вапнавы заводы.

Івянец славіўся сваёй ганчарнай вытворчасцю. «Спецыялізацыю» мястэчка вызначылі багатыя залежы высакаякаснай гліны, якая пры абпале набывала характэрнае залаціста-вохрыстае фарбаванне. Сакрэты майстэрства перадаваліся па спадчыне. Івянецкая кераміка адрознівалася разнастайнасцю формаў і арыгінальнасцю роспісаў. У некаторых «ганчарках» выраблялі шырока вядомую івянецкую кафлю – рэльефныя печкавыя кафлі з расліннымі і геральдычнымі выявамі.