Гісторыя горада

Гісторыя

Валожын – раённы цэнтр Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь, у 75 км ад г.Мінска, на рацэ Валожынка, 17 км ад чыгуначнай ст. Валожын на лініі Маладзечна – Ліда. Належыць да ліку старажытных гарадоў Беларусі. Месца першага паселішча было абрана ўдала: высокі цэнтральны ўзгорак, блізкасць ракі Валожынкі – прытока Іслачы, якая была даступна ў той час лодкам і невялікім стругам. Тут, на ўскраіне Налібоцкай пушчы, сыходзіліся і перасякаліся транспартныя і гандлёвыя шляхі.

Размяшчэнне мястэчка на мяжы з пушчай узмацняла яго значэнне як гандлёвага цэнтра. Часта праводзіліся кірмашы, дзе прадаваць тавары можна было, не распрагаючы коней, прама «з колаў». Сюды на таргі сцякаліся тавары з пушчы: мёд, мяхі, рыба, грыбы, арэхі, кадкі, бочкі, кашы, кошыкі і тавары з бліжэйшых сельскагаспадарчых рэгіёнаў: жывёла, скура, шчацінне, зерне і інш.

Сама ж назва Валожын – з асновай «валога» азначае пераўвільготненае, паніжанае месца. Гэта пацвярджае блізкасць пушчы, яе забалочаных нізін. На думку беларускага географа В. Жучкевіча, чалавек, які тут пасяліўся, атрымаў імя Валога, і тапонім «Валожын», магчыма, утварыўся ад яго імя. За стагоддзі пушча адцяснілася ад горада, хоць яшчэ ў канцы ХІХ пачатку ХХ ст. балота з поўдня зусім блізка падступалі да мястэчка.

Аб паходжанні назвы “Валожын” існуюць некалькі легенд. Адна з іх апавядае, што некалі  даўно тут жыў малады хлопец. Быў ён вельмі дужым і добрым, ніколі нікому не адмаўляў у дапамозе. За сілу людзі далі яму мянушку – Волат. Калі пасля ў мясцовых пыталі, дзе яны жывуць, тыя адказвалі, што жывуць яны там, дзе раней “Волат жыў”. Спалучэнне гэтых слоў з часам, магчыма, трансфармавалася і атрымалася назва горада – Валожын.

Яшчэ адна легенда паходжання назвы горада гаворыць пра тое, што ў старажытныя часы перагоншчыкі валоў спыняліся ў гэтым месцы на прывал. Тут цякла рака, і валы пілі з яе ваду і адпачывалі. А калі трэба было гнаць жывёл далей, галоўны паганяты крычаў: “Валы, жэнь! Валы, жэнь!” Гэтыя два словы з часам зліліся ў адно і сталі прамаўляцца – Волыжень, Валожын.

Першыя пісьмовыя згадкі пра Валожын (1400 год) сустракаюцца ў нямецкіх хроніках «Гістарычныя крыніцы прускага мінулага да заканчэння валадарства ордэна» у раздзелах: «Звесткі пра літоўскія дарогі», «Дарога з Трабаў у Наваградак». Пад канец XIV ст. крыжакі, праходзячы праз паселішча, называлі яго «Флосшейн» ці «Влошин» (г. зн. «лесасплаў», «плыт»). З гэтага часу Валожын – цэнтр удзельнага княства. Першым вядомым уладальнікам Валожына быў вялікі князь Вітаўт. У 1407 годзе ён выдаў прывілей на валоданне Валожынам старасту віленскаму Войцеху Манівіду.

Росквітам Валожынскага княства можна лічыць сярэдзіну XV стагоддзі. Гэты перыяд апісаны ў «Хроніцы Быхаўца». У гістарычным дакуменце Валожын згадваецца неаднаразова.

У шасцісотгадовай гісторыі Валожына, пачынаючы з сярэдніх вякоў і да XIX стагоддзя, гаспадары змяняюцца адзін за адным. Ад Манівіда Валожын пераходзіць да Васіля Вярэйскага, затым да Альбрэхта Гаштольда, вядомага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ. Пасля Гаштольдаў маёнтак апынаецца ва ўласнасці Радзівілаў, пасля Служкаў. Юзаф Багуслаў Служка будуе ў мястэчку бернардынскі манастыр і пры ім школу (1681 г.), а ў 1710 годзе царкву Святой Параскевы. З 1714 года Валожын пераходзіць да Денгафаў. Напачатку 30-х гадоў XVIII ст. – Валожын уласнасць Чартарыйскіх.

У 1803 годзе Адам Чартарыйскі за 100 тысяч злотых прадае Валожын віленскаму старасту графу Юзафу Тышкевічу, нашчадкі якога аж да ўз'яднання Заходняй і Савецкай Беларусі ў верасні 1939 года валодалі Валожынам і значнай часткай Налібоцкай пушчы.

Найбольш вядомымі ў Беларусі лічацца Тышкевічы з Лагойска: браты Канстанцін і Яўстафій, якія былі вядомымі археолагамі, фактычна заснавальнікамі беларускай навуковай археалогіі. У 1842 годзе браты Канстанцін (1806-68) і Яўстафій (1824-73) Тышкевічы адкрылі ў Лагойску першы ў Беларусі гісторыка-археалагічны музей. Дзед Канстанціна і Яўстафія з'яўляецца родным старэйшым братам Юзафа Тышкевіча.

Пры Тышкевічах напачатку XIX ст. узводзяцца пабудовы графскай рэзідэнцыі і касцёла, якія і дагэтуль вызначаюць архітэктуру горада.