Палац Тышкевічаў

Гісторыя

Магчыма там, дзе ў сярэднявеччы месцілася валожынскае замчышча, на ўзгорку, ля спуску да ракі Валожынкі, у 1806 годзе ўласнік мястэчка Юзаф Тышкевіч узвёў свой палац. Палац пабудаваны па праекту архітэктара А. Касакоўскага, які знайшоў выдатнае кампазіцыйнае вырашэнне для палацавага ансамбля. З аднаго боку, графская рэзідэнцыя была змешчана ім у самы цэнтр гарадскога жыцця, што кіпела на базарнай плошчы, з другога - яна была ізалявана ад плошчы і ўтварала самастойную прастору ўнутранага двара, з уласцівым яму рытмам жыцця. Ансамбль з'яўляецца спалучэннем помнікаў рознай функцыйнай скіраванасці, параўнальна поўна адлюстроўвае гістарычную эпоху.

Гісторыкі мяркуюць, што будынак з купалам – гэта былая аранжарэя, будынак цяперашняй вайсковай часткі – палац, а будынак цяперашняга раённага аддзялення унутраных спраў – афіцына, дзе праходзілі афіцыйныя прыёмы графа Тышкевіча.

Парадны дворык быў "расчынены" ў бок узгорка, з якога адкрываліся прыгожыя краявіды. Архітэктура палацавага комплексу адпавядае патрабаванням стылю класіцызму. Характэрна для класіцызму кампазіція фасадаў: яна пабудавана на кантрасце аскетычных бакавых крылаў і багатага сваёй пластыкай цэнтральнага порціка. Планіроўка ўнутры палацаў – калідорна-анфіладная, а у афіцыне – калідорная. У кожным з гэтых будынкаў меліся цэнтральныя вестыбюлі.

Недалека ад галоўнага палаца месціўся двухпавярховы будынак флігеля, у якім жыў абслуговы персанал. Цяпер тут размешчана казарма.

Будынак аранжарэі замыкаў парадны двор палацава-паркавага ансамбля. Двухпавярховая аранжарэя пастаўлена на падмурку з бутавага каменя, накрыта вальмавым дахам са сферычным купалам у цэнтры. Зала на другім паверсе асвятлялася як з боку палаца, так і з боку двара. У аранжарэі раслі апельсінавыя дрэвы, пальмы і іншыя трапічныя расліны. За аранжарэяй знаходзіліся шкляныя цяпліцы і гадавальнікі з дэкаратыўнімы кветкамі і раслінамі. Плады ішлі на экспарт і прыносілі вялікі прыбытак Тышкевічам.

На тэрыторыі флігеля, дзе цяпер размешчана вайсковая частка, знаходзіцца помнік каню. Тышкевічы былі кавалерыстамі. Яны захапляліся развядзеннем пародзістых коней: арабскіх скакуноў і чыстакроўных коней англійскай пароды. У Валожыне і ва ўрочышчы Вялае (Валожынскі раён) былі пабудаваны стайні. Каб падкрэсліць сваё захапленне коньмі, граф Тышкевіч адліў з чыгуну скульптуру каня, прыблізна ў тры чвэрці натуральнай велічыні сярэдняга ўзросту каня. Гэты чыгунны конь быў усталяваны перад палацам. З часам конегадоўля ў маёнтку спынілася і скульптура каня апынулася непатрэбнай. Яго зацягнулі ў велізарнае графскае гумно.

Вясной 1931 года, пад час пажару, графскае гумно цалкам згарэла, а на пажарышчы застаўся толькі чыгунны конь, які ад высокай тэмпературы агню стаяў чырвонага колеру і стаяў такім некалькі дзён.

Зараз чыгунны конь ізноў стаіць на сваім папярэднім месцы.