Гісторыя горада

Гісторыя

Селішча Ракаў стала вядомым з сярэдзіны 15 стагоддзя. Ёсць некалькі легендаў пра паходжанне назвы мястэчка. Першая з іх — здаўна у тутэйшых вадаёмах вадзілася (а можа, і водзіцца) шмат ракаў. Калі верыць другой, то сучасная назва паходзіць ад слова «рака» (куфар, дзе знаходзяцца мошчы святых).

У 1803г. уласнікамі мястэчка сталі магнаты Здзяхоўскія. Пры іх у Ракаве існавалі невялікія мануфактуры, лесапільны і цагляны заводы, вадзяныя млыны, 16 ганчарных майстэрняў. Ракаў меў частковае Магдэбургскае права. Раз на тыдзень на цэнтральнай плошчы праводзіліся таргі.

«Паўночныя Афіны» — так назвала мястэчка Ракаў Эліза Ажэшка ў час свайго візіту да мясцовых магнатаў Здзяхоўскіх.

Пры заездзе ў Ракаў з боку Мінска нас сустракае гаючая крыніца. З усёй Беларусі сюды прыязджаюць людзі за вадой. Кажуць, што вада ў гэтай крыніцы дапамагае пазбавіцца ад хвароб вачэй.

Па легендзе, мясцовы жыхар, з дзяцінства сляпы і нямоглы, заблудзіўся ў лесе. Знясілены, ён апусціўся на калені і стаў чытаць малітву. Праз пэўны час стары пачуў цурчанне крыніцы. Ён злажыў рукі, набраў жменю вады і памыў твар. І здарылася дзіва - стары стаў відушчым. Побач з крыніцай ён убачыў абраз Святой Багародзіцы.

Крыху пазней на гэтым месцы каля крыніцай была пабудавана невялікая капліца, а потым Крыжа-Узвіжанская царква. У сярэдзіне мінулага стагоддзя капліца і царква былі разабраны. У 1993 была адноўлена капліца, а ў 2022 годзе – царква.