Касцёл Марыі з брамай-званіцай

Гісторыя

Драўляны парафіяльны касцёл быў закладзены ў Вішневе яшчэ ў 1424 годзе кашталянам віленскім Сямёнам Гедыгольдавічам (па іншых звестках, самім вялікім князем літоўскім Вітаўтам). Гэта дата пабудовы першага храма захавалася на галоўным фасадзе да гэтага часу. Размешчаны ў заходняй частцы вёскі, на беразе р. Гальшанка.

У 1637 годзе на сродкі графа Юрыя Храптовіча замест драўлянага храма быў збудаваны каменны, які стаіць тут і сёння. Драўляная і гіпсавая скульптура, накладная арнаментальная і гербавая разьба па дрэве, мастацкая коўка, фрэскавыя пано – усё гэта фарміруе мастацкі вобраз касцёла, што арганічна злучае ў сабе стылявыя асаблівасці рэнесансу, ранняга і познага барока, ракако.

Галоўны фасад, дабудаваны ў 1906 годзе, фланкіраваны трох'яруснымі чацверыковымі вежамі з нізкімі купалкамі і фігурным шчытом паміж імі. Устаноўлены арган.

Унутры неф і сакрысціі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. Паўночная (левая) капліца мае сферычны купал, паўднёвая (правая) - плоскае пакрыццё. Галоўны драўляны алтар выкананы ў сярэдзіне XVIII ст. у барочна-ракайльных формах.

Галоўны алтар упрыгожаны драўлянымі скульптурамі евангелістаў, анёлаў, вазамі, С-падобнымі завіткамі. Гэтак жа вырашаны і бакавыя алтары. Сцены нефа ўпрыгожаны паліхромнай арнаментальнай размалёўкай (мастак Ф.Рушчыц). Скляпенні ўпрыгожаны геаметрычным ляпным арнаментам XVII ст. Перад касцёлам размешчана брама-званіца, пабудаваная ў 2-й палове XIX ст. з бутавага каменю. Двух’яруснае збудаванне.