Касцёл святога Аляксея

Гісторыя

Другая выбітнасць Івянца - касцёл Святога Аляксея. Асвечаны ў гонар Святога Аляксея зімой 1907 года. Будынак храма збудаваны з чырвонай цэглы ў неагатычным стылі. Пабудаваны з цэглы ў ансамблі з брамай галоўнага ўвахода на могілкі.

Касцёл крыжападобны ў плане, з пяціграннай алтарнай часткай і прамавугольнымі крыламі трансепта. Сцены ўпрыгожаны вітражнымі высокімі вокнамі. Інтэр’ер упрыгожвае паліхромная арнаментальная размалёўка. Унутранае ўбранне сціплае. Невялікі алтар выраблены з дрэва і ўпрыгожаны разьбой. На ім усталяваны скульптуры анёлаў. Да храма вядзе брама, вырашаная ў адзіным з ім стылі. Побач – скульптура Дзевы Марыі.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Чырвоным касцёле размяшчаўся філіял Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна. Потым будынак храма выкарыстоўваўся пад кніжны склад. У кастрычніку 1988 года храм Святога Аляксея быў вернуты каталіцкай абшчыне. У наш час храм адкрыты для наведвальнікаў.