Лоск

Гісторыя

Гісторыя вёскі Лоск пачалася са старажытнага гарадзішча, якое захавалася да цяперашняга часу.

У XVI стагоддзі Лоск належаў магнату Яну Кішку. У 1572 годзе Кішка адкрыў тут друкарню. Па яго запрашэнні ў Лоск прыбыў беларускі гуманіст, гісторык, філосаф Сымон Будны.

Тут Будны надрукаваў свае галоўныя навуковыя працы. Філосаф займаўся таксама перакладамі. Даследчыкі называюць «лоскі» перыяд у жыцці навукоўца - «залатым».

Пасля 1583 года вялікая частка кніг філосафа была знішчана яго апанентамі. У наш час знайсці працы Сымона Буднага можна толькі ў знакамітых бібліятэках свету. На іх ёсць пазнака - «выдадзена ў Лоску». У апошнія гады жыцця Будны цяжка хварэў. Памёр навуковец у студзені 1593 году ў вёсцы Вішнева ў хаце свайго сябра. Звестак пра месца пахавання Сымона Буднага няма.

У Лоску ёсць праваслаўная святыня – Свята-Георгіеўская царква. Храм пабудаваны ў 1858 годзе. У 1864 годзе прыбудавана званіца.

Вернікі святыні перадаюць інфармацыю пра тое, што напачатку 20-га стагоддзя царкву наведаў Мікалай II. Ён падарыў храму набажэнскі набор, які складаўся са срэбнай чашы з даравальным надпісам. Жыхары сцвярджаюць, што імператар быў і на набажэнстве. Праваслаўны храм Святога Георгія занесены ў Дзяржашны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Недалёка ад царквы знаходзіцца крыніца св.Панцеляймона. Гаючымі ўласцівасцямі яна валодае ўжо не адно стагоддзе. Крынічная вада не б'е ключом, яе чэрпаюць у студні.

Па Благаславенню Мітрапаліта Філарэта, патрыяршага  экзарха усяе Беларусі, крыніца была асвечана ў гонар святога вялікамучаніка і лекара Панцеляймона. Ля крыніцы пабудавана капліца і абсталявана купель. Тут знаходзяцца часцінкі ад труны Багародзіцы, гары Галгофы і іншых святых месцаў.